Previous Entry Share Next Entry
Забыцца на Расію
antiluka

             Ускоквае сярод ночы законапаслухмяны старажытны грэк, нічога не разумее, сківіцамі ледзьве варочае: “Што?.. Што вы ад мяне хочаце?..” А яму замест адказу кулаком у лыч! “Ааа!” – крычыць законапаслухмяны грамадзянін і валіцца на ложак. Жаўнеры, што ўварваліся ў ягоную хату, падымаюць яго, і ўжо другі з іх ізноў б’е яму ў твар. Гэтым разам гаспадар не паспявае паваліцца, бо жаўнеры трымаюць яго пад рукі, а праз секунду ён атрымлівае трэці ўдар. Ужо й юшка з носа, і гарапашнік зноўку вымаўляе: “Што?.. Што вы ад мяне хочаце?” Цяпер ён атрымлівае адказ, але ж у форме пытання: “Чыё імя, паскуда, ты павінен забыцца?” Адказвае адразу, бо каторы дзень вучыў тое імя: “Герастрата!” Яшчэ некалькі разоў даюць яму ў лыч, і ён ледзьве жывы, лежачы на падлозе і захлынаючыся крывёю, цвердзіць: “Герастрата, Герастрата, Герастрата…” Жаўнеры, рагочучы, сыходзяць з хаты. А іхні камандзір кажа на развітанне: “Няўжо ты не чуў загаду, што кожны нават сярод ночы павінен назваць гэта імя?! Ён спаліў храм Артэміды – і кожны сумленны грамадзянін павінен забыцца яго”. 
  

              Магчыма, менавіта дзякуючы такім дзеянням тагачаснай грэчаскай улады імя Герастрата назаўсёды засталося ў гісторыі. Нельга сказаць з упэўненасцю, як яно было насамрэч, але ж… Ну, кажуць жа, што прычынай сумніўнай перамогі Напалеона на Барадзінскім полі быў катар самога імператара. І як тут не паверыць? Тры зімы таму я раптоўна захварэў… Чаму раптоўна? Таму што да той пары хварэў, мусіць, толькі ў чацвёртым класе. Дык што зрабіў? Прыйшоў у аўдыторыю і адпусціў студэнтаў, бо і з носа, і з вачэй цякло (была субота, таму не паведаміў аб гэтым адміністрацыі ВНУ, то бок не працаваў, а грошы атрымаў). З-за хваробы занятак па філасофіі не змог правесці, а Напалеону трэба было войскамі кіраваць!.. Не дзіва, што ўсё даволі кепска скончылася тады для французскай арміі, хоць у адным з жыццяпісанняў Напалеона і адзначана, што апошнюю перамогу вядомы ваяр атрымаў якраз на Барадзінскім полі.

            Але ж я не збіраўся пісаць пра тое, як можна разглядаць гістарычныя падзеі. Ужо і без мяне разумныя людзі ставілі пытанні накшталт наступнага: “Чыё апісанне пэўнага перыяду часу правільнае: кухаркі ці генерала?”, і пагаджаліся з прыкладна такім адказам: “Асобны генерал мо і ведаў, чаму пачалася вайна і чаму яна не можа скончыцца сёння ці заўтра, але кухарка магла ведаць, што ў печы, якую яна распальвала, ейны гаспадар, міністр ці той жа генерал, спаліў нейку важную паперу, пасля чаго яе сына і мабілізавалі”. Пагатоў, гісторыя можа пісацца не толькі праз войны і розныя палітычныя разборкі. Напрыклад, спалучэнне “гісторыя моды” яшчэ на пачатку 20 стагоддзя гучала як нейкая бязглуздзіца. Гісторыя – гэта сур’ёзная рэч, а яны тут прыдумалі пра сукенкі і спадніцы разважаць. Затое цяперака ў нас куча ўсялякіх гісторый, і любы час можна вывучаць праз гісторыю нечага. Калі ж тэхнічны прагрэс разагнаўся так, што стала зразумела, што яго не спыніць і ён не толькі надае моц асобным дзяржавам, але і змяняе стыль стасункаў паміж людзьмі, пачалі казаць аб тэхнічнай і інфармацыйнай рэвалюцыях, якія ўплываюць на агульны гістарычны працэс значна болей, чымся ўсялякія лакальныя войны і міждзяржаўныя пагадненні. Ну, шмат чаго яшчэ і…

            І вось у сувязі з гэтым падыходам, калі гісторыя ўжо не пішацца аднастайна, а таксама ў сувязі з Герастратам я хачу сказаць, што нам трэба забыцца на Расію. Нам – гэта тым, хто нешта піша пра беларускую гісторыю, беларускую культуру, беларускую палітыку ці, шырэй, увогуле пра беларускую нацыю. Зразумела, забыцца – не азначае забарону на ўзгадванне Расіі і прыняцце за аксіёму таго, што гэта краіна ніколі і ніякім чынам не уплывала на наша нацыябудаўніцтва. Не, гэта азначае забыццё як магчымасць выхаду з-пад уплыву таго стылю ўспрымання сябе, калі Расія абавязкова з’яўляецца нейкім узбуджальнікам нацыянальнай самасвядомасці. Рэч у тым, што самавызнанне Я адно праз канфлікт з Іншым пагражае тым, што Іншы пачынае дамінаваць у структуры самавызнання Я. Папросту кажучы, пераважная большасць аўтараў, што пішуць пра беларускую нацыю, бясконца круцяцца вакол Расіі. І усё роўна, у якой якасці яны яе эксплуатуюць: сябра, ворага ці партнёра (як Гумілёў мангола-татараў у дачыненнях з маскавітамі). А між тым, з Расіі нам трэба зрабіць проста суседнюю краіну. Дарэчы, тыя 600 ці 700 тысяч (ці нават мільён па нейкіх падліках) беларусаў, што вымушаныя зарабляць сабе на жыццё ў Расіі, даўно так да яе і ставяцца. Яна так і кажуць: “Быў на заробках у Расіі”. То бок за мяжой. Для іх Расія – гэта ІНШАЯ ДЗЯРЖАВА.

            Неабходнасць такога забыцця мне стала асабліва відавочнай у апошнія два тыдні, калі цэнтральную частку Расіі ахапілі пажары. Таму я і пачаў з Герастрата. З аднаго боку, агонь, а з другога, неабходнасць забыцца. Аналогія не наўпроставая, хутчэй асацыятыўная. Так, Расія гарыць. Але што павінны забыць беларусы? Яны павінны забыць, што яна гарыць. Гэтаксама як мы не памятаем, што гарыць Грэцыя і Партугалія. Гэтаксама, як мы не памятаем, што гарыць Каліфорнія. Гэтаксама, як мы не памятаем, што гараць тарфянікі ў Віцебскай вобласці. Што за лухта, запытаецеся, як такое магчыма? Магчыма, адкажу я. Таму што забывацца трэба не на самыя пажары, а на тое, што хаты, торф і лясы гараць – у Расіі. Чуць пра тое, як усё жудасна ў Расіі, ад спадара Зімоўскага, які так саромеецца свайго невуцтва, што ў кожным выступе стараецца паказаць, што і ён кніжкі чытае, ці ад спадара Аверкава, якому з такой жэстыкуляцыяй трэба працаваць хіба што рэгуліроўшчыкам, але ніяк не вядоўцам на тэлебачанні, – чуць пра гэта ад іх я яшчэ магу, бо разумею, што хлопцы грошы адпрацоўваюць, але ж чытаць тое самае ў беларускай блогасферы… Не, дзякуй.

Калі я хачу даведацца пра ацэнку дзеянняў расійскай улады (не толькі ў сувязі з цяперашнімі пажарамі), я чытаю расійскіх аўтараў: як вядомых публіцыстаў, палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, так і простых грамадзян Расіі, блогераў ці тых, хто просіць апублікаваць іх ліст у якой-небудзь газеце ці на сайце. Але я хутка прагортваю тыя посты беларускай блогасферы, назвы якіх адназначна тычацца праблем, што стаяць перад расійскай дзяржавай і расійскім грамадствам. Калі назвы “закамуфляваныя”, дык я спыняю чытанне тады, як толькі разумею, што чарговы тутэйшы аналітык хоча давесці мне: сёння, заўтра, сама позна паслязаўтра Расіі прыйдзе канец, і пры такім становішчы нягеглая ўлада гэтай краіны яшчэ дазваляе сабе сварыцца з эфектыўна пабудаванай беларускай вертыкаллю.

Зянон Пазьняк па-ранейшаму крычыць пра маскоўскую гэбуху. Ну, можа, і не крычыць, а проста кажа (не паказваюць жа яго па БТ, ОНТ і СТВ, таму немагчыма сцвярджаць: крычыць ці кажа спакойна), але піша ўсё тое самае, што і десяць-пятнаццаць гадоў таму: імперскі Усход, генацыд беларусаў, вынішчэнне мовы і г.д.  А вось некаторыя з сучасных нацыяналістаў (спадар Пазьняк пры ўсёй да яго павазе ўжо не ўваходзіць у іх шэрагі) ужо не пераймаюцца наконт культуры, бо яны нацыяналісты дзяржаўнага, а не этнічнага кшталту. І іхняя адданасць дзяржаве палягае ў тым, што яны бясконца дэманструюць перавагу Беларусі як дзяржавы над Расіяй як дзяржавай. Адраджэнцы не маглі забыцца на Расію, таму што трэба было паказаць сваю адрознасць, а сучасныя дзяржаўныя нацыяналісты не забываюцца на яе, таму што хочуць паказаць сваю палітычную перавагу. І калі адраджэнцы былі вымушаныя так сябе паводзіць, бо Беларусь толькі выйшла са складу СССР, то дзяржаўныя нацыяналісты бясконцым брэхам у бок Расіі толькі дэманструюць сваю залежнасць ад яе.

Забыцца на Расію… Здаецца, гэтага ўжо чакаюць у Крамлі. Аднак аналітыкі пра тое ж на сваёй мове кажуць больш тактоўна: пераход да прагматычных адносін. Няхай будзе і так.     


  • 1
По существу добавить-то и нечего, позволь просто сказать: как всегда исчерпывающе точно.

А тебе по-белорусски как читается? Кстати, это уже четвертая попытка разместить коммент. А он то самоудаляется, то идет в качестве ответа на другой коммент. Все-таки к технике надо относиться как к чуду, а не как к простому инструменту :-)

нормально читается :)

У меня за плечами таки 6 лет изучения белорусского языка в школе.

Я i сам у якiм-небудзь выпадку дзве-тры лiтары намаляваць магу, але вельмi ужож няхутка. :))

Re: нормально читается :)

Ну, тогда все путем.

  • 1
?

Log in