Previous Entry Share Next Entry
Інфантыльная дачка дэспатычнай маці
antiluka
             Газавая ліхаманка, якая ў чарговы раз зачапіла Беларусь і Расію, вымушае мяне ізноў пісаць у манеры зацятых фрэйдыстаў, як я тое ўжо рабіў у артыкуле пад назвай “Татэм і табу, або Бацька і сыны”.  Я не з’яўляюся ані гарачым прыхільнікам гэтага падыходу, ані перакананым праціўнікам, які, толькі каб пацвердзіць сваю дасведчанасць, зрэдчас дэманструе, што і ён так можа. Задумка нарадзілася як натуральная (разумовая і эмацыйная) рэакцыя на падзеі, бо сам факт спрэчкі па газе і стыль, у якой яна адбываецца, нагадваюць сямейны канфлікт, калі разабрацца, хто мае рацыю, а хто не, амаль немагчыма. Чаму і праца ўчастковага міліцыянта самая няўдзячная і непапулярная сярод саміх міліцыянтаў – прыходзіш у хату, а там бакі, удзельнікі скандалу, табе столькі процілеглых фактаў выкладваюць, што лягчэй купіць ім бутэльку гарэлкі і прымусіць выпіць міравую, каб не складаць пратакол і потым не марнаваць час у бессэнсоўных допытах.
       

            Некалі я быў знаёмы з адной кабетай, якая амаль у пяцідзесяцігадовым узросце літаральна трэслался ў істэрыцы і лаялася самымі брыдкімі словамі, калі ейная маці не хацела ёй нешта купляць. Я сам быў сведкам аднаго з такіх эпізодаў, але тады падумаў, што кабета так сябе паводзіла з той прычыны, што была на падпітку (нешта мы тады разам святкавалі). Але пасля я даведаўся ад яе дачкі, што маці часцяком так тэрарызуе бабулю. Інфантылізм у пяцьдзесят гадоў!.. Да той пары (самому трохі за дваццаць было) я такого не страчаў, таму задаў дзяўчыне некалькі пытанняў наконт маладосці яе маці. Адказы я атрымаў кароткія і, як кажуць, “по существу. Жанчыну проста разбэсцілі бацькі, выконваючы амаль кожны яе капрыз. А чаму яна была такой капрызнаю? Таму што маці жадала заўсёды прысутнічаць у яе жыцці – зразумела, што з самых альтруістычных матываў (у такіх выпадках маці менавіта так бароняць сваю пазіцыю). Сваімі дрэннымі паводзінамі маладзіца – магчыма, нават не ўсведамляючы таго, – хацела вырвацца з-пад матчынай апекі (бацька ў гэтай гісторыі быў адно пасярэднікам), а маці была ўпэўненая, што адпускаць дачку нельга, бо тая наробіць нечага яшчэ горшага. Пасля дачка выйшла замуж, і маці, канечне, працягвала абазначаць сваю прысутнасць у яе лёсе, ды так настойліва, што дачка, змагаючыся з матчыным уплывам, сапсавала жыцце і мужу. Цікава, што чужы чалавек, які не ведаў усіх гэтых псіхалагічных тонкасцяў, не мог бы сказаць нічога кепскага ў бок старой: яна ж дапамагае маладым (а пасля і не вельмі маладым), прычым грашыма, а не парадамі – і чаго дачка з ёй яшчэ сварыцца (дарэчы, маці і сама заўсёды падкрэслівала факт такой дапамогі і лезла з ёй нават тады, калі ў гэтым не было неабходнасці).

                Калі ж пакінуць гэты канткрэтны прыклад, то можно канстытаваць наступнае: горай за дэспатычнага бацьку толькі дэспатычная маці. Дэспатычны бацька прымушае сына ці дачку паводзіць так, як ён лічыць правільным, і канфлікт тут навідавоку: не выконваеш маіх патрабаванняў – пайшой (ці пайшла) вон з хаты. Дэспатычная маці дзейнічае іначай: яна толькі на словах патрабуе выканання нейкіх уласных загадаў, бо для яе галоўным выступае не выкананне дачкой (ці сынам) гэтых загадаў, а тое, каб яны бясконца знаходзіліся ў блізкім кантакце ў сувязі з загадамі ці без іх. Для дэспатычнай маці выпадковая цяжарнасць незамужняй дачкі з яе рэакцыяй “Ах, што скажуць знаёмыя і суседзі!” – гэта той выпадак, калі яна зможа прадэманстраваць усё сваю ўладарнасць. Падыходзіць любы варыянт вырульвання з сітуацыі. Вырашае дачка рабіць аборт – маці сама шукае для гэтага лепшую клініку і ўвесь час, да аборту і пасля яго, дэманструе шчырую падтрымку. Вырашыла дачка раджаць – “Малайчына, я ўжо гатовая быць бабуляй. Не бядуй, што ён не хоча жаніцца, дзіця трохі падрасце – знойдзеш іншага. А хочаш, у бацькі сябар працуе ў абласной пракуратуры, мы прымусім гэтага вісуса ажаніцца з табою? Не хочаш?.. Ну, і правільна. Ай, ты мая дачушачка!..”  Дэспатычная маці не ўсталёўвае нормы паводзін дачкі, яна ўсталёўвае нормы адносін паміж сабой і дачкою, паводле якіх тая павінна адчуваць сябе крыху вінаватай перад маці і, адпаведна, удзячнай ёй. І зусім не важна, якія словы кажа дачка падчас спрэчак з маці. Ад дочкавых абраз маці можа тэатральна схапіцца за галаву ці прыкласці далонь да цыцкі, за якой схавана сэрца, яна нават можа зараўці, што адрачэцца ад дачкі, калі тая яшчэ раз вымавіць нешта такое, але ўвесь гэты спектакль ёй неабходны толькі для замірэння, пасля якога яе ўлада над дачкою застанецца ўсё такой жа моцнай, калі шматкроць не ўзмацнее.

                Зразумела, што наўпрост пераводзіць сямейныя дачыненні на дачыненні паміж краінамі нельга. Але я дазваляю сабе рабіць гэта на той падставе, што газавы скандал не выглядае як пытанне, якое можна вырашыць у межах падпісаных пагадненняў. Пагадненні, нягледзячы на тое, што іх нехта падпісвае, самі па сабе не маюць псіхалагічных характарыстык. Мы ж у гэтых газпромаўскіх і белтрансгазаўскіх трубах, насамрэч, маем не кубаметры паліва, якое каштуе нейкіе грошы, а пэўных асоб. Газ, дзякуючы кіраўніцтву Беларусі і Расіі, зрабіўся адушаўлёным. Менавіта таму мая аналогія не такая ўжо і нацягнутая (да таго ж яшчэ гадоў сорак таму некаторые недурныя людзі знайшлі амаль непрыхаваную сувязь паміж фрэйдызмам і марксізмам, то бок паміж жаданнем і эканомікай).

                Дык што ж рабіць у такой сітуацыі як дачцэ, так і краіне, калі ім ужо не хочацца цярпець такое становішча? Аднойчы я рыхтаваў артыкул для педагагічнага зборніка і выказаў у ім наступную думку. Для таго, каб пазбегнуць такіх адносін з дэспатычнымі бацькамі (усё роўна, з маці ці бацькам), някепска было б узяць за ідэал сваіх паводзін “амерыканскую мару”. Ну, вось споўнілася, скажам, васемнаццаць гадоў – усё, дзякуй, бацькі, што нарадзілі і вырасцілі, а цяпер я пайшоў у самастойнае плаванне. Я кажу пра ідэал, таму не трэба чапляцца да гадоў: маўляў, што цяперашнім часам без пэўнай дапамогі ў такім узросце… і г.д.  Тут важная сама ўстаноўка, а не канкрэтна ўцёкі з бацькоўскага дома. І яшчэ не менш важны момант: сыходзіць трэба не з мэтаю вярнуцца і паказаць, як у цябе ўсё цудоўна атрымалася, сыходзіць трэба дзеля сябе, дзеля набыцця ўласнае магутнасці, а не дзеля атрымання апладысментаў ці сустрэчы ў будучыні з зайздроснымі вачыма недобразычліўцаў альбо тых, хто цябе невысока ацэньваў. А зрабіць такі крок у самастойнае жыццё ці, інакш кажучы, пераадолець інфантылізм можна толькі ў тым выпадку, калі знойдуцца сілы адмовіцца ад пэўнага набору выгодаў, якімі цябе з усімі тваімі хібамі, таму што ты дзіця, забяспечвае сям’я.

                Скажу яшчэ раз: дэспатычны бацька можа выгнаць з хаты, калі ты не робіш таго, што ён патрабуе; дэспатычная ж маці будзе трымаць цябе пры сабе да самай яе смерці (калі так не здушыць у сваіх абдымках, што ты сканаеш раней за яе). Такім чынам, каб Расія выступала ў ролі бацькі, то мы б ужо даўно жылі з ёй як суседзі, што ў сваім суіснаванні карыстаюцца неабходнымі маральнымі правіламі і прапісанымі законамі і пагадненнямі. Але Расія – гэта дэспатычная маці (настойваю, што тут слова “дэспатычная” ўжываецца выключна ў апісанай вышэй псіхалагічнай канатацыі і не мае дачынення да таго яго ўжывання, калі кажуць пра “азіяцкія” ці “ўсходнія” парадкі ў Расіі), таму як бы сябе ні паводзіла інфантыльная дачка Беларусь, ніякага разбурэння “сям’і” не адбудзецца. Адзінае выйсце для дачкі, калі яна сапраўды прагне самастойнасці, гэта – развітанне з інфантылізмам. 

Дэспатычная маці не гоніць  – дачцэ трэба сыходзіць самой. І як мага хутчэй. Але, паўтару, не дзеля таго, каб нешта даказаць маці ці, крый Божа, адпомсціць ёй нейкім чынам (напрыклад, хуткім стварэннем транзітнага хаўрусу з суседнімі дзяржавамі). Помста не надае сілы; кіруючыся помстай, ты трапляеш у тую ж пастку залежнасці, цяпер ужо ад таго, каму помсціш. Развітанне з дыспатычнай маці вымагае і яшчэ аднаго абмежавання: ні ў якім разе не шукаць новых бацькоў. Ні маці, ні бацьку. Іначай, новыя “добрыя” бацька Еўрапарламент і маці Еўракамісія неўзабаве скажуць: “Дачушка, ты занадта шмат свінняў гадуеш дый агуркі вырошваеш не такой формы. Ёсць жа нормы. Калі ласка, трымайся іх. Цяпер ты ў нашай вялікай сям’і, таму мусіш выконваць нашыя правілы, падабаюцца яны табе ці не”. Таму арыенцір – палітычнае сіроцтва. Чалавек-сірата, які сам сябе забяспечвае, такі ж самы грамадзянін, як і дзеці, што маюць бацькоў. Краіна-сірата, паводле нормаў міжнароднага права, такая ж краіна, як і несіроцкія краіны з Еўрасаюза ці з Мытнага саюза Расіі і Казахстана.  

         

  • 1
Браво, Игорь, браво!
Очень образно и, как мне кажется, очень близко к правде жизни!
Супер!

Дзякуй! :-)

Вось любяць беларусы пакрытыкаваць сябе, абазваць "сіротамі", "беднымі", "нікому не патрэбнымі" )))
Тут толькі пытанне ў тым, калі Беларусь была б моцнай і неінфантыльнай, і скіравала свой шлях у Эўропу, ці згодна з гэтым была бы Расія? І ці ня ў гэтым крыецца сакрэт беларускай інфантыльнасці, бо Расія мае рычагі ўздзеяння на Беларусь, і нямалыя.
А так, вельмі цікавы артыкул.

Ну, па-першае, крытыкуюць сябе не толькі беларусы, і гэта натуральна, бо без крытычнага стаўлення робішся дзікуном або апантаным нарцысам. А па-другое, у гэтым тэксце няма нават і намёкаў на тое, што мы "сіроты, бедныя, нікому не патрэбныя". Ёсць слова "сірата", але толькі ў канцы ў якасці арыенціра для будучай палітычнай біяграфіі.
Наконт жа шляху ў Еўропу - я ж пра тое і пішу, што Расіі неабходная менавіта інфантыльная Беларусь, і так, пагаждуся, яна задзейнічае ўсе рычагі, каб Беларусь такой і заставалася. Таму і выбрана мной сямейная аналогія: хочаш дачушка быць па-сапраўднаму незалежнай - шукай працу, каб магла наймаць кватэру, і сыходзь ад бацькоў, а на астатнія грошы будзеш харчавацца, апранацца, купляць касметыку і, калі хопіць, хадзіць па клубах. Расія паводзіць сябе так, як лічыць неабходным ці як звыклася сябе паводзіць, да яе ў нас могуць быць прэтэнзіі толькі юрыдычнага кшталту, а вось да саміх сябе мы павінны ставіцца з іншымі патрабаваннямі. Праўда, тут слова "павінны" можа і недарэчнае, таму што найперш неабходна мець жаданне пазбавіцца інфантылізму, а ўжо пасля дзейнічаць з усёй адказанасцю за свае ўчынкі. Ці ёсць палітычная воля для развітання з інфантылізмам? Вось у чым пытанне.
А за агульную ацэнку артыкула дзякуй.

  • 1
?

Log in

No account? Create an account